«Фолк — гэта музыка, да якой трэба дарасці»
Інтэрв'ю з Аксанай Вечар
да 10-годдзя перадачы «Наперад у мінулае»
7 студзеня 2012 года выйшаў у эфір першы выпуск «Наперад у мінулае». Мяняліся вёскі, выканаўцы, кампазітары, графічнае і музычнае афармленне — але каманда праекта па-ранейшаму даследуе народную спадчыну.
Як стваралася культавая праграма і куды яе завядзе будучыня, што ёсць самым каштоўным у беларускай вёсцы і дзеля чаго не шкада прапусціць аўталаўку, распавядае адзін з аўтараў ды вядучая «Наперад у мінулае» — Аксана Вечар.
Аксана і Анатоль Вечары на паганскім капішчы пад Бялынічамі.
— Прапануем адгарнуць дзесяць гадоў і ўспомніць былое. Як нарадзіўся праект «Наперад у мінулае»?
— Анатоль Вечар, рэжысёр праграмы, у тыя часы працаваў на дзіцячым «Еўрабачанні», а Юрась Вашчук (Тэа) быў там аранжыроўшчыкам. У рэдактаркі «Еўрабачання» ўзнікла ідэя — рабіць супольныя песні зорак беларускай эстрады і ўдзельнікаў конкурсу. Напрыклад, Аляксандра Саладухі і Юры Дземідовіча, спявачкі Venera і Андрэя Кунца.
Анатоль паслухаў прапанову, і ў яго нарадзілася свая думка: а што, калі кампіляваць народную і сучасную музыку, рабіць апрацоўкі, і на гэтым будаваць асобную праграму? Запрасілі Юрася Вашчука ў якасці кампазітара і адважыліся.
У выніку пілотны выпуск «Наперад у мінулае» выглядаў так: мы выправіліся ў сапраўдную экспедыцыю, як гэта калісь рабіў Мулявін, узялі з сабой Вашчука, музыканта Аляксандра Сухарава, усе пагрузіліся ў аўтобус і паехалі ў вёску Маршалкі на Валожыншчыне. Я была простым рэдактарам, а Юра і вёў перадачу, і пісаў аранжыроўкі, і танцаваў.
Гавару шчыра: калі б на той момант Вашчук сказаў «не», праграмы не здарылася б. Знайсці такога чалавека, які штотыдзень выдаваў бы песню, было немагчыма.
2012
Аляксандр Сухараў — «Мяшчаначка» (в. Маршалкі Валожынскага р-на)
Першая аранжыроўка народнай песні ў межах «Наперад у мінулае».
— Чаму вы з Анатолем, на той момант — аўтары перадач пра рок, паглыбіліся ў народную творчасць?
— Фолк — гэта музыка, да якой трэба дарасці. І мы здолелі. Напрыклад, мае дзеці народнага не слухаюць. Я думаю, можа, калі будуць сядзець на пенсіі, тады зразумеюць [смяецца].
Хаця літаральна на днях здарыўся цікавы выпадак. У фае Белтэлерадыёкампаніі я сустракала Настассю Краўчанка, якая спяе ў адным з нашых будучых выпускаў. Міліцыянер на ўваходзе яе прапускае і пытаецца: «А вы на якую праграму?» — «У "Наперад у мінулае"!» Тады мужчына бачыць мяне і кажа: «А, "Наперад у мінулае"! Якая добрая перадача, мае дзеці так яе любяць!»
Аксана і Анатоль Вечары ў эфіры музычнай праграмы «Акалада» (1995).
— Дарэчы пра маладых артыстаў і аранжыроўкі. Як выканаўцы народных песень, што ўдзельнічаюць у праекце, ставяцца да вашых апрацовак?
— Па-рознаму. Некаторыя не прымаюць. Аднойчы да нас прыязджала бабуля, скардзілася: «Што ж вы так сапсавалі нашу песню?»
А ўвогуле… Можа, не хочуць крытыкаваць асабіста, але ў цэлым хваляць. Колькі нам расказвалі такіх сітуацый: «Палю грады. Думаю, зараз аўталаўка прыедзе — трэба хлеба купіць. А потым гляджу: якая аўталаўка? Зараз жа "Наперад у мінулае" пачынаецца! І я бягом да тэлевізара».
Ёсць гледачы, ад якіх нам пастаянна прыносяць лісты з просьбамі: «Мне, калі ласка, прышліце песні — такія, такія і такія — ды словы да іх».
А ў Любанскім раёне нам казалі, што старэйшае пакаленне глядзіць першую частку праграмы, моладзь жа — другую.
Здымкі масленічнага абраду ў мінскім Лошыцкім парку.
— Ці дапамагаюць сучасныя аранжыроўкі захаваць народную песню? Ці не губляецца яе аўтэнтычнае аблічча?
— Мы з Анатолем увесь час кажам: для нас галоўнае — запісаць фальклорны матэрыял. А песня ў сучаснай апрацоўцы — гэта ўжо разынка, заманушка. З іншага боку, я ведаю, што вельмі многім сталым людзям аранжыроўкі таксама падабаюцца.
Напрыклад, Леанід Захлеўны — кампазітар, мастацкі кіраўнік ансамбля «Бяседа» — неяк тэлефануе і кажа: «Аксана, я ж гляджу вашу перадачу. Некаторыя кампазіцыі паслухаю — дык і ў "Бяседу" бяру».




Цягам 10 гадоў здымачная група «Наперад у мінулае»
аб'ездзіла 103 раёны і больш за 400 паселішчаў,
запісала 476 песень, крайнюю з якіх —
у вёсцы Бяларучы Лагойскага раёна,
папрацавала з 359 выканаўцамі і калектывамі.

(Даныя на 7 студзеня 2022 года.)




— За час існавання праекта вы наведалі багата мясцін. У якія куткі Беларусі, магчыма, хочацца вярнуцца?
— Не тое што хочацца — вяртаемся. І не аднойчы. Я ўжо не ведаю, колькі разоў мы бывалі на той жа Любаншчыне. Яшчэ вельмі любім Ельскі раён. Насамрэч, Палессе — гэта асаблівы край, бо ў ім тоіцца такі культурны пласт! Узяць хоць бы тамтэйшую мову — «робыла», «ходыла». Слухала б і слухала.
— Што вам удалося зразумець, дзякуючы «Наперад у мінулае»?
— Наш народ у вёсках неўміручы. Нягледзячы ні на якія вонкавыя абставіны, калі, здавалася б, сядзі сабе ў хаце, гадуй сваю скацінку, людзі спяваюць. І для іх гэта вельмі важна — збірацца, захоўваць традыцыі. Яны яшчэ могуць і ткаць, і вышываць...
Але самае галоўнае — вяскоўцы вельмі гасцінныя. Куды мы ні прыязджаем, не пакарміць, не напаіць — гэта вельмі кепска. Яшчэ і з сабой даюць! Пасля кожнай вандроўкі ў мяне ў руках пірагі, слоікі з гароднінай, сочывам, грыбамі… Падобнае, мяркую, захавалася толькі ў вёсцы. Нашы мамы і бабулі такія. Я ўжо, напрыклад, іншая.
На запісе ў Ельскім раёне.
Увогуле ж, перад здымкамі я заўжды думаю: «Хутчэй бы выбрацца з горада!» Бо падчас экспедыцый мы кранаем нешта сапраўднае. У вёсцы — людзі жывыя. Яны з табой размаўляюць, усміхаюцца табе, цалуюць у шчокі. У наш час, калі сядзіш у сваіх катухах, нікуды не высунешся, гэта вялікая каштоўнасць.
— Калі ласка, распавядзіце пра юбілейны выпуск для тых, хто яго яшчэ не бачыў.
— Мы вырашылі зрабіць, як было ў першай перадачы: паклікалі тагачаснага аранжыроўшчыка і вядучага Юрыя Вашчука ды выканаўцу першай песні Аляксандра Сухарава. Мне здаецца, атрымалася кайфовая кампазіцыя.
Яшчэ ў юбілейным выпуску будуць успаміны, уражанні, прыгадаем нашы дасягненні за дзесяць гадоў, падумаем, якое месца ў жыцці заняў праект. Гэта будзе такая настальжы. Нешта кшталту: «Эх, былі часы, былі мы маладыя, больш бадзёрыя, апантаныя…»
Жартую! Імпэт у нас не згубіўся.
2022
Юрый Вашчук і Аляксандр Сухараў — «На дварэ сняжок, сняжок...»
Песня з юбілейнага выпуску «Наперад у мінулае»
за 09.01.2022.
— І напрыканцы давайце зірнём у невядомае. Чаго можна чакаць ад праекта ў будучыні?
— Я ніколі не планую, таму што невядома, як усё развернецца. Але ў нас ляжаць сцэнарыі мюзіклаў на аснове кампазіцый з «Наперад у мінулае». Ёсць столькі прыгожых задумак, мізансцэн, і ва ўсё гэта ўплятаюцца народныя песні! Яны арганічна падтрымліваюць сюжэтную лінію, бо ахопліваюць шмат тэм. Бываюць жа абрадавыя — жніўныя, хрэсьбінныя і іншыя, — а таксама побытавыя песні.
Я вельмі спадзяюся, што калі-небудзь мы зможам рэалізаваць гэтую нашу ідэю і з матэрыялу, назапашанага за дзесяць гадоў, стварыць больш буйное палатно.

Тэкст і вёрстка
Мацвей Зайцаў
Фота
Уласны архіў сям'і Вечароў,
фонды Беларускага тэлебачання
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website